Каронавірус дабраўся да медыкаў Берасцейшчыны
За апошнія два дні ў Баранавічах заразіліся два ўрачы агульнай практыкі і памочнік урача, якія прымалі хворых з кашлем і тэмпературай у інфекцыйным кабінеце, кажа медработнік, які пажадаў застацца неназваным:
– У панядзелак захварэў урач агульнай практыкі і памочнік урача. Быў шпіталізаваны з прыёма ў інфекцыйнае аддзяленне. У аўторак, то бок у сённяшні дзень, быў шпіталізаваны яшчэ адзін урач агульнай практыкі ў інфекцыйнае аддзяленне з падазрэннем на вірусную інфекцыю. Мазкі пакуль яшчэ не браліся, таму сцвярджаць, што гэта каронавірус не можам. Складаецца дзіўная сітуацыя, што ў пятніцу бяруць мазкі, а па сённяшні дзень вынікаў яшчэ няма.
Медсёстры, якія працавалі на прыёме разам з захварэўшымі ўрачамі, не ізаляваны. Яны працягваюць працаваць, з’яўляючыся магчымай пагрозай для навакольных.
Таксама ёсць заражаныя ў Бярозаўскай раённай бальніцы: урач-рэаніматолаг і сястра-гаспадыня.
Беларускае Радыё Рацыя