Каронавірус для ператрусу не перашкода: у журналіста забралі ноўтбук



З пастановай на ператрус міліцыя з’явілася да віцебскага незалежнага журналіста Змітра Казакевіча, які ўжо больш за тыдзень хварэе на каронавірус.

Але міліцыянтаў гэта не спыніла, распавёў спадар Зміцер:

– Прадставіліся, што міліцыя, што ператрус. Іх было чацвёра, двое ў цывільным, двое ў форме. Я адразу сказаў: “Народ, мы тут на самаізаляцыі, у нас каронавірус”. Яны заўсміхаліся. Але адзін, у цывільным, загадаў тым, што ў форме: “Не заходзьце, мы тут хуценька, будзем трымаць дыстанцыю”.

Двое міліцыянтаў у кватэру не заходзілі, затое запрасілі ў кватэру да хворых на каронавірус панятых – суседзяў сям’і Змітра Казакевіча. Спрабуючы захоўваць сацыяльную дыстанцыю, агледзелі жытло журналіста і забралі працоўны ноўтбук і флэшку. У пастанове на ператрус было напісана, што следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, дзе падазраваным выступае жыхар Віцебска Павел Гагалінскі. Яго вінавацяць у гвалтоўных  дзеяннях супраць сілавікоў (артыкул 364 КК), і ў журналіста, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”,  міліцыянты спадзяваліся  знайсці фота- або відэаматэрыялы  з падзеяў 6-га верасня, калі ў Віцебску адбылася сутычка ўдзельнікаў акцыі пратэсту з міліцыянтамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск