Каронавірус гаспадарыць у Слоніме
У Слонім вярнуўся каронавірус. Ён гаспадарыць усюды. Сотні людзей хварэюць, дзясяткі знаходзяцца на каранцінах, сотні гараджан і вяскоўцаў маюць станоўчыя тэсты, шмат жыхароў Слоніма ў шпіталі знаходзяцца пад кіслародам. Людзі паміраюць ад каронавіруса, асабліва сталага ўзросту.
Каронавірус атакаваў гарадскія школы Слоніма. Цэлыя класы вучняў ляжаць дома з тэмпературай, хварэюць настаўнікі і бацькі школьнікаў. Сур’ёзных мер для лячэння не прымаецца. Паліклінікі перапоўнены. Людзі выказваюць сваё незадавальненне па шматлікіх пытаннях. Напрыклад, каб выпісаць рэцэпт на лекі ў гарадской паліклініцы трэба пасядзець у чарзе дзве-тры гадзіны. А там – шмат хворых. Хаця выпіску рэцэптаў можна арганізаваць вельмі хутка і больш даступна для жыхароў раёна. Але пра гэта ніхто не дбае.
Дзіўна і тое, што на сайце Слонімскай ЦРБ няма ніякіх інфармацый па сітуацыі ў раёне з COVID-19. За выключэннем, што можна платна прайці экспрэс-тэсты. А гэта праблема сёння найбольш хвалюе людзей. А на сайце Слонімскай ЦРБ, чаго толькі не пішуць. І пра лясныя ягоды і амаладжальныя яблыкі, і пра падарожжа ў здаровае лета, і пра ўрокі правільнага харчавання і г.д. А COVIDA-19 ніхто не заўважае.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя