Каронавірус: Менск адышоў ад першай хвалі шоку і панікі



Перад выходнымі ў Менску нават каронавірус успрымаецца па-іншаму.

Актуальны стан на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Што б не рабілася з каронавірусам у свеце, відавочна адно – Менск адышоў ад першай хвалі шоку і панікі. Наладжваецца тэмп вулічнага жыцця. Аднак рэжым гібрыднага каранціну захоўваецца. Большасць менчукоў ходзяць на працу, хаця працадаўцы дазваляюць выпадкі  дыстанцыйнага выканання працоўных абавязкаў дома, асабліва ў сферы ІТ.

Лекары Менска працягваюць стаяць на варце аховы здароўя грамадзян. Каб разасяродзіць чэргі ў паліклініках, актыўна прасоўваецца выезд тэрапеўтаў на дом на санітарным службовым транспарце. Таму на вуліцы часцяком можна сустрэць белыя легкавікі з надпісам “Медычная служба”.

Як і заўсёды ў экстраных выпадках менчукі пачалі актыўна скупляць даляры, чым выклікалі чарговы дэфіцыт валюты і рост кошту продажу да 2.80 за даляр, паводле дадзеных “Тэхнабанка” і “Франсабанка”.

У культурніцкім жыцці адмяняюцца не толькі прыватныя імпрэзы, але і дзяржаўныя. Напрыклад, канцэрт прафесара Ігара Алоўнікава ў сталічнай філармоніі. Універсітэты Менска карэктуюць расклад – пераводзяць лекцыі ў дыстанцыйны рэжым, альбо зусім пераносяць іх на больш позні тэрмін.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота tut.by