Каронавірус прыйшоў у Гародню
Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра новы выпадак заражэння каранавірусам — COVID-19 выяўлены ў жыхаркі Гародні. Такім чынам, паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі зафіксавана 12 выпадкаў заражэння новым вірусам.
Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, жыхарка Гародні сама звярнулася да медыкаў, бо знаходзілася ў Італіі. Жанчына змешчаная ў абласную інфекцыйную бальніцу ў Гародні, зараз праводзяцца дадатковыя даследаванні пацыенткі. Ніякіх праяў рэспіраторнай інфекцыі ў яе не назіраецца. „Грамадзянка Беларусі здала тэст яшчэ на мяжы, так што ўсе яе кантакты першага ўзроўню выяўленыя”, — паведаміла прэс-сакратар.
Некалькімі гадзінамі раней Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыю пра выяўленне COVID-19 у двух мужчын — жыхароў Менска і Гомеля.
Гамяльчанін вярнуўся з Партугаліі. У выніку лабараторнага кантролю ў нацыянальным аэрапорце Менска быў атрыманы станоўчы тэст на каранавірус COVID-19. Мужчына знаходзіцца ў Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы ў здавальняючым стане.
Праводзіцца „актыўная шпіталізацыя пацыентаў першага ўзроўню (грамадзян, якія прыехалі разам з ім з-за мяжы, а таксама тых, хто быў побач з ім у самалёце)”, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Другі інфікаваны, мінчанін, прыбыў з Германіі і ў момант праходжання мяжы ўтаіў факт свайго знаходжання ў Паўночнай Італіі. Зараз у дачыненні да яго „праводзіцца ўдакладняючая дыягностыка”, ён таксама шпіталізаваны.
Такім чынам, на гэты момант ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з дыягназам COVID-19 знаходзяцца 12 пацыентаў. Трое рыхтуюцца да выпіскі. Ва ўсіх пацыентаў стан здавальняючы, павышанай тэмпературы і іншых клінічных праяў хваробы няма, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.