Каронавірус: што пішуць сусветныя СМІ



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп акрэсліў некалькі магчымых варыянтаў адказнасці Кітая за распаўсюджванне пандэміі каронавірусу. Пра гэта Трамп заявіў на прэс-канферэнцыі ў Белым доме, адказваючы на пытанне, ці гатовыя ЗША па прыкладзе Нямеччыны прадʼявіць рахункі Пекіну за ўспышку COVID-19, то бок прадʼявіць афіцыйныя прэтэнзіі да кітайскіх уладаў. Пра прэс-канферэнцыю і яе вынікі ў аўторак піша шэраг амерыканскіх газет. «Мы вывучаем варыянты і гаворым пра значна большую суму грошай, чым Нямеччына. Мы яшчэ не прынялі канчатковага рашэння», – падкрэсліў прэзідэнт Злучаных Штатаў. Трамп таксама дадаў, што «сурʼёзнае расследаванне» паводзін кітайскіх улад у Злучаных Штатах пачалося яшчэ падчас успышкі эпідэміі каронавірусу ва Ухані. Па словах Трампа, тады «можна было спыніць хваробу», перашкаджаючы яе далейшаму распаўсюду па свеце. Паведамлялася, што ў цяперашні час ЗША найбольш пацярпелая краіна, на 28 красавіка зафіксавана больш за 1 мільён выпадкаў заражэння. У Кітаі, наадварот, хвароба практычна аціхла, і Ухань, былы эпіцэнтр COVID-19, ужо разблакаваны. Кітайскія ўлады раней афіцыйна абвясцілі «перамогу над каронавірусам». Па стане на раніцу 28 красавіка агульная колькасць выпадкаў заражэння ў свеце дасягнула 3 мільёнаў 64 тысяч, у тым ліку больш за 211 тысяч смяротных выпадкаў.

У аўторак у Францыі будзе агучаны план зняцця строгіх абмежаванняў у сувязі з пандэміяй. Чакаецца, што істотныя паслабленні пачнуцца з 11 траўня. Кавярні і бары ўсё яшчэ будуць зачыненыя, а вось школы адчыняцца. Ужо шэсць тыдняў у Францыі дзейнічае жорсткі каранцін, ад хваробы па краіне памерлі больш за 23 тысячы чалавек. Свой план па зняцці абмежаванняў прадставіць прэмʼер-міністр краіны Эдуар Філіп, неўзабаве паводле яго пунктаў пройдзе галасаванне парламенту. Здымаючы абмежаванні, урад Францыі будзе імкнуцца дасягнуць балансу паміж стымуляваннем эканомікі і абаронай грамадскага здароўя, пішуць французскія выданні. У адрозненне ад Італіі, якая вырашыла зачыніць школы да верасня, Францыя, як чакаецца, адкрые навучальныя ўстановы. Ідэя ўжо атрымала супярэчлівыя ацэнкі, а навуковая рада французскага ўрада заявіла, што аддае перавагу думцы, што адкрываць школы можна толькі восенню. Чакаецца, што з 11 траўня ўрад дазволіць аднавіць працу ў большасці крамаў, грамадскі транспарт стане больш інтэнсіўным і людзям, магчыма, будзе дазволена перамяшчацца паміж гарадамі. Кавярні і рэстараны, у сваю чаргу, застануцца зачыненымі, гэта загадзя абвясціў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

У Індыі ў штаце Таміл Наду сканструявалі сцяну на мяжы з суседнім штатам на поўдні краіны – Андхра Прадэш. Усё з-за боязі распаўсюду каронавірусу. У сцяне два выезды, на якіх абсталяваныя прапускныя пункты. Зробленыя яны для абмежавання транспартнага руху паміж штатамі, піша агенцыя навінаў РТІ. У Таміл Наду адзначаюць, што некаторыя рабочыя з суседняга штата прыязджаюць у іх штат без адпаведнага дазволу і могуць спрычыніцца да распаўсюду хваробы.

У той жа момант на іншым баку Зямлі, як піша UNILAD, а менавіта на Фарэрскіх астравах афіцыйна заяўлена пра перамогу над эпідэміяй. Архіпелаг, які ў перакладзе азначае «Авечыя астравы», належыць Даніі, даволі аддалены ад кантынентальнай Еўропы. Аднак і туды прабраўся каронавірус. 3-га сакавіка на востраве быў абвешчаны каранцін. За гэты час перахварэлі 187 чалавек, 95% з іх ужо акрыялі, і няма ніводнай смерці. Прычым уладам маленькага вострава з 53 тысячамі насельніцтва ўдалося нават абысціся без шпіталізацыі каго-кольвек. Сакрэт поспеху распавяла Крысціна Хафас, сябра Парламенту, колішняя міністарка фінансаў. Яна назвала прычынай ранняе ўмяшальніцтва ўладаў. Паміж дыягнаставаннем першага выпадку і абвяшчэннем каранціну прайшлі 10 дзён, меней, чым у шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў. Паводле Хафас, Фарэрам удалося аператыўна адправіць на каранцін 1,3% насельніцтва вострава, якія былі кантактамі першых хворых. І гэта дазволіла пазбегнуць шырокага распаўсюду. Ад 22-га красавіка на Фарэрах усе тэсты далі адмоўны вынік, новых выпадкаў захворвання не зафіксавана. Сямёра чалавек здалі і паўторны станоўчы тэст на каронавірус, аднак у шасцёх з іх ніякіх сімптомаў не зафіксавана. Таксама Крысціна Хафас падзякавала ўсім фарэрцам за клопат пра бліжніх, адзначыўшы, што менавіта адказнасць перад іншымі не дазволіла хваробе моцна зашкодзіць астравам.

Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч