Каронавірус спрыяе беларускім птушкам



Веснавое паляванне працягвае наносіць шкоду беларускай прыродзе. Наша краіна — апошняя на кантыненце, дзе веснавы сезон палявання расцягнуты на два месяцы.

Болей за тое — пералік відаў птушак, на якіх можна паляваць, нават павялічваецца. Большасць еўрапейскіх краін  адмовіліся ад веснавога палявання яшчэ ў 1979 годзе, кажа дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

– Краіны Еўрапейскага Звяза забаранілі паляванне ўвесну на вадаплаўных птушак яшчэ ў 1979 годзе. Калі была ўведзена ў сілу дырэктыва па ахове дзікіх птушак. У Еўропе, акрамя Беларусі, дзе паляванне працягваецца амаль два месяцы, веснавое паляванне на вадаплаўных птушак ёсць яшчэ ў Расеі. Але яно працягваецца толькі 10 дзён.

Сёлета беларускім птушкам нечакана дапамагае навала, што звалілася на чалавецтва — каронавірус. Бо з-за яго скасаваны шэраг паляўнічых тураў у Беларусь.

– Розныя дзеячы культуры выступалі супраць веснавога палявання, але заўсёды паляўнічае лобі перамагала. Дарэчы, у гэтым годзе ў сувязі з каронавірусам паляўнічыя туры з Італіі былі адменены. І нашы птушкі – гусі, качкі – нарэшце змогуць нармальна адпачыць у Беларусі ў нацыянальных парках, дзе практычна толькі замежнікі палявалі, і вывесьці патомства.

Аляксандр Вінчэўскі спадзяецца, што ўрэшце пераможа жаданне рабіць Беларусь спрыяльнай зямлёй для розных відаў птушак, і гэта стане важнейшым за грошы, атрыманыя гаспадаркамі ад палявання.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фото pixabay.com