Каронавірус у Віцебску: плёткі і праўда
Ужо некалькі дзён абласны цэнтр на поўначы краіны называюць “Беларускім Бергама”. Зрэшты, такая аналогія найбольш папулярная ў жыхароў іншых рэгіёнаў. Мясцовыя насельнікі ўстрывожаныя таксама, але не настолькі, каб масава апрануць маскі ды пальчаткі перад выхадам на вуліцу. Мінака ў масцы сустрэць можна, але не на кожным кроку, і гэта пераважна людзі маладзейшага веку, а не так званая “група рызыкі”.
Віцебск – не закрыты горад: няма ніякіх блок-пастоў на дарогах і міжгародні транспарт ходзіць у нармальным рэжыме. Самыя трывожныя аб’екты сёння – гэта лякарні, якія вызначаны для размяшчэння хворых на пнеўманіі. Такіх у горадзе 4, і яны запоўненыя. Дакладных звестак пра колькасць тых, хто захварэў, паправіўся ці памёр, афіцыйныя медыі не перадаюць.
Эпідэміялагічныя службы вызначылі парадак, як хаваць памерлых, у якіх быў знойдзены каронавірус. У якасці прычыны смерці гэтую хваробу ў дакументах не пазначаюць, але цела нябожчыка і труну апрацоўваюць антысэптычнымі рэчывамі, і адчыняць труну на могілках забаронена. Падчас пахавання прысутнічаць могуць толькі самыя блізкія сваякі. Згодна з такімі патрабаваннямі, сёння ў Віцебску пахавалі акцёра, заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча, які памёр уночы з 30-га на 31-га сакавіка. Пра тое, што ў яго знайшлі каронавірус, стала вядома яшчэ 26-га, але толькі ўчора тэатр зачынілі, а ўсіх супрацоўнікаў адправілі ў адпачынак. Следам адмяніў спектаклі і тэатр “Лялька”. Як напісана ў абвестцы на сайце тэатра, “у сувязі з малой загружанасцю глядзельнай залы” .
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск