Каронавірус у Віцебску: якія засцерагальныя захады прымаюцца?



Паводле афіцыйных паведамленняў Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі пацверджаныя тры выпадкі захворвання на каронавірус: двое хворых знаходзяцца ў Менску, яшчэ адна – гэта жанчына, дызайнерка Таццяна Яфрэмава – у Віцебску. Сродкі масавай інфармацыі не хаваюць ні імя жанчыны, ні яе месца працы – гэта футравы камбінат. Жанчына захварэла пасля працоўнай паездкі ў Італію – наведвала выставу ў Мілане. Разам з ёй там былі яшчэ двое калег, аналізы пацвердзілі, што яны здаровыя.

Таццяна Яфрэмава знаходзіцца ў асобным боксе віцебскага інфекцыйнага шпіталю. У той самай медустанове ўтрымліваюцца яшчэ 26 чалавек, з якімі жанчына зносілася: яе муж, чацвёра дзяцей і некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства. Паводле кіраўніка абласной управы аховы здароўя Юрыя Дзеркача, вынікі аналізаў гэтых людзей адмоўныя, але іх будуць трымаць у карантыне 14 дзён. Медыкі не выключаюць магчымасці з’яўлення новых выпадкаў хваробы, таму ў інфекцыйным шпіталі вызваляюць месцы – выпісваюць дадому тых, каму дазваляе стан здароўя.  Уведзеныя тут карантынныя мерапрыемствы прадугледжваюць забарону на наведванні  і “аднабаковы” прыём перадач: іх прымаюць, але передаваць нешта са шпіталя “на волю” катэгарычна забаронена. Карыстальнікі сацыяльных сетак паведамляюць і пра ўзмацненне  службы аховы медустановы: уваходы кантралююць людзі ў цывільным. Карантын абвешчаны і ў іншых лякарнях горада, але гэта тлумачаць “штогадовым пікам сезонных захворванняў”.

Вядома, што яшчэ як мінімум 30 чалавек  знаходзяцца на карантыне ў сябе дома. Пра гэта паведаміў дырэктар абутковага прадпрыемства “Белвест”  Юрый Суманееў. Гэтыя людзі таксама былі на выставе ў Мілане,  і вырашылі праверыцца на наяўнасць каронавірусу па ўласнай ініцыятыве. Тэсты паказалі адмоўны вынік, але цягам 14 дзён працаўнікі “Белвесту” будуць пад назіраннем лекараў паліклінік па месцы жыхарства.

У выпадку, калі  нехта заўважыць у сябе сімптомы захворвання, медыкі раяць не ісці ў медустанову самастойна, а выклікаць хуткую дапамогу – каб пазбегнуць дадатковых  кантактаў з іншымі.  Для кансультавання з лекарамі працуюць  адмысловыя лініі, па якіх раяць звяртацца тым, хто наведваў краіны, дзе зафіксаваны выпадкі хваробы, і адчуў сябе кепска. Тэлефанаваць можна  па наступных нумарах: у Віцебску — 8 0212 67-36-44, у Полоцку — 8 0214 74-39-44, у Наваполацку — 8 0214 57-36-44, у Воршы — 8 0216 51-34-41 і 51−34−48. У абласным цэнтры пачалі адмяняць масавыя мерапрыемствы – у прыватнасці, ранішнікі да 8-га сакавіка ў дзіцячых садках.  Жыхары адзначаюць, што ў аптэках па-ранейшаму дэфіцытам з’яўляюцца  індывідуальныя сродкі абароны – прэпараты для дэзінфекцыі рук і аднаразовыя маскі. Без іх працуюць нават тыя, хто вымушаны кантактаваць з вялікай колькасцю людзей – гандляры, касіры, работнікі сферы грамадскага харчавання. Па іроніі лёсу, рэспіратары і  маскі былі адным з аксесуараў калекцыі адзення, прадстаўленай летасць віцебскай дызайнеркай Таццянай Яфрэмавай, у якой дыягнаставалі каронавірус 2019-nCoV.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск