Кароткае жыццё „Славянскага разБазару”
15 ліпеня невядомы мастак пакінуў у Віцебску графіці – надпіс “Славянскі разБазар” і стылізаваную валошку – эмблему фестывалю мастацтваў. Графіці праіснавала нядоўга: ужо наступнай раніцай замест яго быў толькі чорны простакутнік.
Слова “РазБазар”, на думку многіх віцяблян, вельмі дакладна характарызуе сутнасць “Славянскага базару” – фестывалю, на які бяздумна выдаткоўваюцца вялізныя сродкі. Ужо некалькі гадоў у СМІ не паведамляюць агульную суму выдаткаў, але жыхары гораду штогод назіраюць бясконцае перакладанне пліткі на ходніках, рамонты адных і тых самых дамоў у цэнтры Віцебску, начную электрычную падсветку і гэтак далей.
Не кажучы ўжо пра арганізацыю канцэртаў, якія не карыстаюцца папулярнасцю да такой ступені, што квіткі даводзіцца распаўсюджваць пад прымусам. Візуальны напамін пра ўсё гэта камунальшчыкі зафарбавалі, але надпіс усё адно праглядаецца з-пад тонкага слою фарбы: “Славянскі базар” скончыўся, грошы таксама, і цяпер прыйшоў час татальнай эканоміі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск