Карпянкоў анансаваў стварэнне новага батальёна спецназа ў Менску



У Менску найбліжэйшым часам будзе створаны новы батальён спецыяльнага прызначэння. Пра гэта часопісу “Спецназ” распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, паведамляе Reform.by.

“Мы ствараем вялікае падраздзяленне, батальён спецыяльнага прызначэння, які будзе размяшчацца ў Менску, але задачы будзе выконваць і па барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, калі спатрэбіцца — для вядзення вайсковай разведкі, радыёэлектроннай разведкі. Калі спатрэбіцца — і па забеспячэнні ваеннага становішча, надзвычайнага становішча, прававога парадку пры правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі”, — заявіў ён.

Адабрэнне ідэі стварэння новых спецпадраздзяленняў ва ўнутраных войсках і АМАПе Карпянкоў і кіраўнік МУС Іван Кубракоў атрымалі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 14 лістапада.