Карты Лапіных самыя паспяховыя з гарадзенскіх настолак



За месяц продажаў карты, выдадзеныя творчым калектывам А4 па старых макетах, сталі самай паспяховай з гульняў зробленых гарадзенцамі. Па колькасці прададзеных асобнікаў яны пераўзышлі нават знакамітых “Паўстанцаў” і “Мову”.

Распавядае Антон Янкоўскі, адзін з аўтараў праекта па аднаўленні даваенных картаў Лапіных:

– На сённяшні дзень прададзена каля тысячы камплектаў гэтых карт. Карты прадаваліся ў Гародні, таксама прадаваліся у Менску, у Наваградку, хутка з’явяцца ў абласных гарадах, зараз працуем над гэтым. Самае цікавае, што гульні набываюць як моладзь, так і старэйшага ўзросту людзі. Яшчэ цікавостка такая, што карты прадаюцца не толькі ў Беларусі, але іх замаўляюць на Польшчу і ў Маскву. За межы Беларусі замовілі каля 200 камплектаў.

Па словах Янкоўскага, гэтыя карты з’явяцца ў большасці гарадзенскіх крамаў, што гандлююць сувенірамі, а таксама ў іншых гарадох Беларусі і бліжэйшага замежжа.

Беларускае Радыё Рацыя