Карты Лапіных – з наступнага тыдня ў крамах Гародні
Выпуск унікальных ігральных карт, што стагоддзе таму выходзілі ў Гародні, падыходзіць да фінальнай стадыі. Ужо на наступным тыдні ў некалькіх гарадзенскіх крамах можна будзе набыць калоды з каралямі Рэчы Паспалітай, якія і ў калодзе карт таксама будуць каралямі.
Па працу над картамі распавядае прадстаўнік суполкі А4 Антон Янкоўскі:
— Мы атрымалі фінальную калоду і ў інтэрнэце залілі першыя фотаздымкі, каб можна было паглядзець і ўжо ў панядзелак мы запускаем друк а тады на працягу 10 дзён карты будуць гатовыя. Усё яшчэ можна падтрымаць выданне карт на Талацэ. Мы працягнулі збор грошай да 28-га. Іх могуць падтрымаць фізічныя асобы ды атрымаць асобнік альбо звычайным альбо ў скураным чахле. Таксама выданне могуць падтрымаць любыя крамы, сувенірныя лаўкі, крамы з беларускімі ці этнатаварамі.
Антон Янкоўкі выказвае падзяку за падтрымку перавыданняў картаў Лапіных мінскай краме Symbal.by, гродзенскай краме «Лёля» і наваградскай сувенірнай краме. Менавіта ў гэтых крамах карты Лапіных з’явяцца ў першую чаргу. На першай гарадзенскай прэзентацыі апроч картаў зробленых кампаніяй А4 можна будзе пабачыць і арыгіналы картаў пачатку ХХ стагоддзя.
Беларускае Радыё Рацыя