Карупцыя ў НКВД



Карупцыя ў НКВД. Факты карупцыі ў самай жахлівай структуры сталінскіх часоў захавалі шматлікія дакументы.

“Украіна адкрыла архівы камуністычных спецслужбаў, і там шмат спраў датычыць насамрэч карупцыйных злачынстваў”, – кажа аўтар праграмы “На ўліку КДБ” на хвалях нашага радыё – Уладзіслаў Ахроменка:

— У палове такіх спраў фігуруюць абсалютна карупцыйныя справы: крадзеж дзяржаўных грошай. Былы наркам НКВД Баліцкі скраў 80 тысяч долараў, і то па коштах 37-га года. Уявіце, якія цяпер грошы. Кантрабанда крадзеных машын з Трэцяга Рэйха. Прабачце, калі прастытутак афармлялі агентурай і прывозілі іх на канспіратыўныя кватэры і плацілі ім грошы як агентуры. Дзіўна чуць, што за Сталіна не было карупцыі. Яшчэ якая была.

Найперш справы будаваліся на даносах. Аўтар кажа, што мае ўжо багатую калекцыю даносаў ад 1934 да канца 1980-х гадоў. Ёсць выпадкі, калі маці пісала данос на сына, а сын на бацьку і гэтак далей. Акрамя таго, НКВД-шнікі пісалі даносы адзін на аднаго:

— Увогуле, гэта даволі цяжка чытаць. Проста разумееш наколькі данасіцельствам і ўсёй гэтай страшнай істэрыяй, шпіёнаманіяй, маніяй ворагаў народа, было прасякнутае усё грамадства. Мажліва, ў нас яшчэ засталіся нейкія атавізмы гэтага. Як ні дзіўна, калі чытаеш тыя ж справы 70-х – 80-х на паперы, дзякуючы гэтым паперам, ты лепш пачынаеш разумець наша грамадства.

Шмат спраў яшчэ не разабраныя. Між іншым, Уладзіслаў Ахроменка хоча знайсці справу дваюраднага брата Янкі Купалы, якога расстралялі ў 1938 годзе ў Кіеве ў падвале НКВД, і які пахаваны ў Быкаўні. Але, дадае даследчык, шмат дакументаў, на жаль, было знішчана.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя