Касацыйная скарга Андрэя Бандарэнкі будзе разгледжана 21 кастрычніка
Разгляд касацыйнай скаргі кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа інавэйшын» Андрэя Бандарэнкі адбудзецца 21 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Дакладны час суда пакуль не прызначаны, – пра гэта паведаміла намесніца кіраўніка «Платформы» Алена Красоўская-Каспяровіч.
– Ніякіх праблемаў у Андрэя няма. Рэгулярна атрымае перадачы і пасылкі. Са здароўем усё ў парадку. Званіць, на жаль, са следчага ізалятара ў нас не прадугледжана. Але адвакаты яго наведваюць дастаткова часта. Ніякіх скаргаў на адбыванне пакарання ў яго няма.
Суд Кастрычніцкага раёну Менска пакараў Андрэя Бандарэнку чатырома гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. Правабаронца прызнаны вінаватым у здзяйсненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства. Прысуд 12 жніўня абвясціла суддзя Ала Абакунчык.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя