Прысуд палітзняволенаму Сяргею Франчуку пакінулі без зменаў
Касацыйная скарга палітвязня Сяргея Франчука, якая была разгледжана ў Вярхоўным судзе, засталася без задавальнення, а прыгавор Менскага гарадскога суда ад 27 красавіка 2023 года – без змянення.
Кажа цёця Франчука – Таіса Кабанчук:
-Якія тут могуць быць спадзяванні? Заўсёды адбываецца адное і тое ж у нашых судах. Яны толькі пацвярджаюць рашэнне першай інстанцыі. І ніколі іншага не бывае. Ён інвалід з дзяцінства, але ніхто на гэта не звярнуў увагі. І зараз ён знаходзіцца ў Бабруйскім СІЗА. Новая справа заведзена.
27 красавіка Сяргей быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму па палітычных артыкулах. У траўні распачалі суд па новай справе нібыта за абразу Лукашэнкі, які быў прыпынены да разгляду апеляцыйнай скаргі. 4 ліпеня працягнецца разгляд справы ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска. Галоўная прычына ў пакаранні Франчука, што ён стрыечны брат прадстаўніка штабу палка Каліноўскага яе сына Вадзіма Кабанчука, лічыць Таіса Кабанчук.
Беларускае Радыё Рацыя