Касацыйную скаргу праваабаронцаў не задаволілі
Касацыйная скарга бярозаўскіх праваабаронцаў у Берасцейскім абласным судзе не задаволена. Яны прасілі адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна, які прызнаў абгрунтаванай адмову ў пікеце 10 снежня 2015 года Бярозаўскім раённым выканаўчым камітэтам.
Гэтым разам суд доўжыўся цэлыя паўгадзіны, замест звычайных 10 хвілін, кажа адна з заяўніц пікету Таццяна Тарасевіч:
– Вельмі доўга раіліся, але ўсё роўна рашэнне прынялі не ў нашу карысць, хоць усе законы былі на нашым баку. Суддзі не могуць пайсці супраць чыноўнікаў, бо ўсё звязана і карумпавана. Я раблю выснову, што ў нас, як было раней, так і зараз ёсць – той мае рацыю, у каго больш правоў.
10 снежня праваабаронцы планавалі адзначыць на пікеце Міжнародны дзень правоў чалавека. Пікет павінен быў прайсці на дазволеным уладамі месцы з 12 да 13 гадзін. У пікеце было адмоўлена па прычыне дзіцячых лыжных спаборніцтваў у гэты час. Паводле дзяжурнай па стадыёну, у гэты час нічога не планавалася і не праводзілася. Што праваабаронцамі зафіксавана дакументальна.
Беларускае Радыё Рацыя