Апеляцыйную скаргу Рамуальда Улана не задаволілі



Апеляцыйная скарга жыхара Смаргоняў Рамуальда Улана, якога асудзілі на два з паловай гады „хіміі”, не задаволеная абласной судовай калегіяй па крымінальных справах. Прысуд застаўся без зменаў. Калегію ўзначаліў Андрэй Ліхач

 „Злачынства” Рамуальда Улана ў размяшчэнні ім некалькіх фотаздымкаў улётак, што былі ў верасні на вуліцах Смаргоняў. Яго асудзілі паводле крымінальнага кодэкса за „паклёп”. 

Кажа асуджаны Рамуальд Улан:

– У верасні 2020 года ў Смаргонях апраўдалі некалькі нашых людзей, якіх абвінавачвалі па артыкуле 23.34 КаАП.  Але міліцыянты ўсё адно ціснулі на людзей, і людзі  зрабілі ўлёткі супраць тых шалёных міліцыянтаў і надрукавалі іх.  24 верасня яны з’явіліся, у той жа дзень я ішоў і выпадкова ўбачыў іх, сфатаграфаваў і запосціў у самай вялікай групе ў кантакце – вось якія смелыя смаргонскія партызаны.

Добрая рэпутацыя смаргонца Рамуальда Улана была падтрымана жыхарамі раённага цэнтра. Яны сабралі ў падтрымку асуджанага больш за дзвесце подпісаў пад адмысловым зваротам у суд. Але выніку з гэтага на абласной калегіі па крымінальных справах ніякага не было.

Кажа Рамуальд Улан:

– Адвакат параіла там – мама хворая, 89 год, я, вось і гэтыя подпісы – гэта ініцыятыва смаргонцаў. Яны самі арганізаваліся. Адвакат сказала, што добра, давайце прыкладзіце гэтыя подпісы. 22 лісты па 10 подпісаў – 210 подпісаў,  дакладна – 218.  Надзея была, што не такі вырак будзе, які на самой справе атрымаўся. Не прабіць гэтую сценку. Гэта пераследуюць тых,  хто па-іншаму думае.  Жыццё працягваецца. На жаль, і гэты крыж трэба пранесці.

Зачытваў справу Рамуальда Улана на калегіі па крымінальных справах суддзя Валеры Раманоўскі. Падтрымаць Рамуальда ў яго справядлівай справе абароны сваёй рэпутацыі ад ілжывага абвінавачвання паводле артыкулу „Паклёп” ч.2 188 артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі прыехалі на пасяджэнне абласнога суда смаргонскія аднадумцы, суседзі, а таксама гарадзенцы.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя