Кашуля сваімі рукамі
Такі майстар-клас адбыўся ў Берасці ў грамадска-культурніцкім цэнтры “Грунтоўня”. Удзельнікі азнаёміліся з прыкладамі бездзежскага народнага строю, даведаліся пра гісторыю беларускай нацыянальнай вопраткі.
Кіраўніца класа вышыўкі, дасведчаная рамесніца ў музеі “Бездзежскі фартушок” Людміла Недашкоўская падкрэсліла, што цягам майстар-класа кожны змог зрабіць сабе традыцыйную сарочку:
– Робім сарочку, падобную да нашых, у якіх хадзілі нашы бабулі. Мы рабілі спачатку выкрайку на паперы, а пасля пераносілі яе на тканіну. Рабілі аснову: полачкі, рукавы, плячо – гэта дэталі, з якіх складаецца сарочка. Потым дзяўчаты, якія ўжо раскроілі, збіраюць дэталі ўручную, каб пабачыць, як сарочка будзе выглядаць на мадэлі.
Паводле Людмілы Недашкоўскай, пасля майстар-класа кашулю можна сшыць дома як рукамі, так і на машынцы. Яе можна надзець як на святочныя імпрэзы, так і летам на штодзень.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: vk.com/gruntounia
