Каспяровіч: змяненне парогавых значэнняў балаў ЦТ не плануецца
Змяненне парогавых значэнняў балаў ЦТ у гэтым годзе не плануецца, паведаміў у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.
Паводле яго слоў, па гэтым пытанні праведзены шэраг круглых сталоў, абмеркаванняў. „Першы варыянт, вынесены на абмеркаванне і разгляд, – пакінуць парогавыя значэнні на ўзроўні мінулага года, другі – павялічыць іх, трэці – зусім ануляваць. Пры гэтым ануляванне парогавых значэнняў ні ў якім разе не варта расцэньваць як адкрыты ўваход у сістэму вышэйшай адукацыі. Яно прадугледжвае толькі тое, што выключна конкурсная сітуацыя будзе вызначаць тых, хто паступіць”, – расказаў Сяргей Каспяровіч.
У выніку з улікам тых рызык і пазітыўных момантаў, якія прысутнічаюць у час рэалізацыі кожнага з гэтых варыянтаў, было прынята папярэдняе рашэнне аб захаванні парогавых значэнняў на ўзроўні мінулага года. „Пытанне прыёму закранае вялікую колькасць грамадзян. Таму любое дзеянне павінна быць асэнсавана і сур’ёзна ўзважана. Гэта аргументацыя якраз і пакладзена ў аснову таго, што на бягучы момант мы схіляемся да таго, каб захаваць парогавае значэнне на ўзроўні мінулага года”, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.