Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Дзевы Марыі 



8 снежня Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Дзевы Марыі. У гэты дзень кожны каталік абавязаны прымаць удзел у святочным набажэнстве. На ім вернікі праслаўляюць таямніцу Беззаганнага зачацця Багародзіцы, якая была захаваная ад першароднага граху, і саму Марыю.

Як кажа ксёндз-вікарый Віталь Бяленiк парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, у гэты дзень моляцца яшчэ і за цяжарных жанчын, за святасць жыцця, за духоўных асобаў, якія захоўваюць цэлібат:

– Калі мы молімся за цяжарных жанчын, памятаем пра дзяцей, якіх яны носяць пад сваім сэрцам. Таксама калі молімся за святароў, сясцёр законных, якія захоўваюць цэлібат, яны праз сваю любоў, служэнне таксама носяць у сваім сэрцы ўсіх тых людзей, якіх Бог даручыў ім. Мы павінны маліцца таксама і за адзін аднаго, каб наноў адкрыць веліч гэтага жыцця, якое даў нам Бог.

Дагмат аб Беззаганным зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (Буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») 8 снежня 1854 года.

Праз чатыры гады пасля абвяшчэння гэтага дагмату Маці Божая з’явілася ў Лурдзе (Францыя) дзяўчынцы, якую звалі Бэрнардэта Субіру. Марыя назвала сябе “Беззаганным Зачаццем”, што лічыцца пацвярджэннем дагмату.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя