Касцёл у Беларусі можа зазнаць фінансавыя праблемы
Каталіцкі касцёл у Беларусі можа зазнаць фінансавыя праблемы праз тое, што падчас пандэміі COVID-19 на нядзельных і святочных імшах будзе менш вернікаў, а значыць – і сабраных грашовых ахвяраванняў, заявіў на прэс-канферэнцыі 7 красавіка ў сталіцы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
«Пытанне фінансавання касцёла – гэта пытанне, якое будзе стаяць, – адзначыў каталіцкі іерарх. – Спадзяемся, што гэтая пандэмія, гэтая хвароба скончыцца хутка. Але так, будзе стаяць такое пытанне, бо трэба плаціць за ўтрыманне касцёла. Напрыклад, Чырвоны касцёл – ён належыць не нам, а дзяржаве, і сёння мы павінны плаціць за »амартызацыю« вялікія грошы. Таму гэтае пытанне паўстане».
Згодна з нормамі кодэкса кананічнага права, Рымска-каталіцкі касцёл можа набываць, утрымліваць, кіраваць і распараджацца маёмасцю для дасягнення ўласцівых яму мэтаў, якімі ёсць «пабудова культу Бога, забеспячэнне годнага ўтрымання духавенства ды іншых служыцеляў, а таксама ажыццяўленне спраў апостальства і міласэрнасці». Разам з тым кодэкс абавязвае вернікаў аказваць касцёлу дапамогу, у тым ліку грашовую, «па ягонай просьбе і згодна з нормамі, выдадзенымі канферэнцыяй біскупаў».
Касцёл у Беларусі, не маючы маёмасці, якая б прыносіла даход для ўласнага фінансавання, жыве за кошт ахвяраванняў.
Яшчэ ў 2013 годзе на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі было апублікаванае тлумачэнне, згодна з якім ахвяраванні вернікаў выдаткоўваюцца не толькі на парафіяльныя патрэбы – камунальныя плацяжы, плату святарам, дапамогу бедным, але і на ўтрыманне дыяцэзіяльнай курыі, а таксама на патрэбы дабрачынных арганізацый, што дзейнічаюць у Беларусі, і Ватыкане.
Каталіцтва – другая пасля праваслаўя хрысціянская канфесія ў краіне па колькасці вернікаў. Згодна са звесткамі касцёла ў Беларусі, каталікамі сябе лічаць прыблізна 1,4 млн чалавек, або прыкладна 15% грамадзян.