Кастусь Шыталь: Яны не раззлаваліся, не было ў іх нянавісці
На 95-м годзе жыцця ад каронавірусу памёр Антон Фурс з Паставаў, адзін з кіраўнікоў падпольнай паваеннай антыбальшавіцкай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў».
У 1947 за гэта ён быў асуджаны і атрымаў 15 гадоў ГУЛАГу, але ў 1955 годзе быў датэрмінова вызвалены. Гэтая арганізацыя, якая складалася ў асноўным са студэнтаў, ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці.
Журналіст і краязнаўца Кастусь Шыталь з Докшыцкага раёна ўзгадвае Антона Фурса. Ён з ім быў добра знаёмы і часта наведваўся да яго, каб пагутарыць на розныя тэмы з ім і яго жонкай Алесяй, якую таксама асудзілі на 25 год лагераў за намаляваную “Пагоню”.
Кастусь Шыталь кажа пра тое, што яго вельмі ўразіла ў гэтых людзях:
– Мяне ўразіла, што ніколі не чуў я ні з вуснаў Алесі, ні з вуснаў Антона нянавісці да каго-небудзь, хоць людзі вельмі моцную несправядлівасць пацярпелі ад саветаў. І відавочна, канешне ж, яны пра гэта памяталі, не забываліся. Але не было ў іх нянавісці. І мне падаецца гэта вельмі важным, бо зараз у Беларусі ў сувязі з сённяшняй палітычнай сітуацыяй шмат людзей ёсць, каторыя гатовыя помсціць і забіваць за крыўды. А вось іншы прыклад людзей, якія пацярпелі за ідэалы, але не раззлаваліся.
Беларускага патрыёта Антона Фурса пахавалі сёння, 20 кастрычніка, на могілках у Паставах. Развітацца з ім прыйшлі родныя, сябры і грамадскія актывісты. Ён перажыў сваю жонку Алесю Фурс (Умпіровіч) на чатыры гады, яна памерла 17 жніўня 2017 года на 92-м годзе жыцця.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя