Кастусь Смолікаў: Участковыя камісіі ў Віцебску зрабілі „стэрыльнымі”



Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ прайшоў усе інстанцыі, дамагаючыся ўключэння партыйцаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі абласнога цэнтру. Прэтэндэнтаў было няшмат, усе яны імкнуліся трапіць у камісіі толькі аднаго з трох раёнаў Віцебску –Першамайскага, але гэтага не ўдалося дамагчыся нават праз суд.

Паводле Кастуся Смолікава, раённыя адміністрацыі практычна не абнаўляюць склад камісій, і ў іх стала працуюць адны й тыя самыя людзі:

– Камісіі год ад году не змяняюцца. Адны і тыя ж людзі з’яўляюцца і старшынямі, і іх намеснікамі, і сакратарамі. Гэтыя людзі, так званыя “тройкі”, і робяць вынікі выбараў. І ніхто не хоча, каб сведчанні нейкай незаконнай дзейнасці траплялі вонкі. І таму чужых людзей туды проста не дапускаюць.

Такім чынам, участковыя камісіі ствараюць “стэрыльнымі”, кажа Кастусь Смолікаў. Без прадстаўніцтва апазіцыйных партый або грамадскіх актывістаў, якія не будуць маўчаць у выпадку парушэнняў закону. Працаваць на віцебскіх выбарчых участках не дапусцілі ні сябраў АГП, ні прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Звароты ў суд таксама не дапамаглі: ніводзін з 19-ці сябраў АГП і таксама ж 19-ці сябраў партыі БНФ так і не быў уключаны ў склад участковых камісій. Пашчасціла хіба толькі 20-му вылучэнцу: адзіны на ўсю Віцебшчыну прадстаўнік партыі БНФ Васіль Казьянін будзе працаваць ва ўчастковай камісіі №56 у Вушацкім раёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск