Кастусь Цвірка: Ці доўга яны змогуць жыць на штыках?



Адзін са старэйшых паэтаў Беларусі Кастусь Цвірка выказаўся пра сітуацыю ў краіне.

Кастусь Цвірка: Мы жывём у час нейкага абсурду. У краіне забаронена друкаваць незалежныя выданні, іх немагчыма купіць у шапіках “Белсаюздруку”. І ўсё гэта лічыцца нармальнай з’явай з пункту гледжання ўлады, хоць гэта і ненармальна, і, як мне падаецца, незаконна.

І як ставіцца да такой сітуацыі, калі не даходзяць газеты, якія нясуць праўдзівую інфармацыю? Толькі адмоўна. І гэтая ўлада, мяркую, не пойдзе на тое, каб адкруціць сітуацыю назад.

РР: Ужо больш за два месяцы не спыняюцца пратэсты ў краіне…

Кастусь Цвірка: Самае галоўнае – прачнуўся беларускі народ, які спаў не толькі апошнія 26 гадоў, але і апошнія два стагоддзі. У 2020 годзе беларусы нарэшце прачнуліся. Калі народ заявіў пра сябе, то і дзяржава будзе беларуская.

РР: Што, на ваш погляд, далей чакае краіну?

Кастусь Цвірка: Відавочна, што выбары былі фальсіфікаваныя, большасць грамадства пра гэты падман ведае, а таму ўлада падтрымлівае сваю легітымнасць толькі на штыках. Інакш яны жыць не змогуць.

Іншая справа, ці доўга яны могуць трымацца на гэтых штыках, і жыць на іх, і спаць. Я не ведаю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя