Чым небяспечная сухая галадоўка Кастуся Жукоўскага?



Гомельскі дэмакратычны актывіст Кастусь Жукоўскі абвясціў у ізалятары часовага ўтрымання сухую галодоўку. На такі крок яго падштурхнула незаконнае затрыманне, закрыты суд і немагчымасць абароны сваіх правоў.

Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, інфармацыю пра абвяшчэнне галадоўкі яму паведаміў адвакат Сяргей Красноў:

 – Трэба грамадскі рэзананс падымаць, накіроўваць туды адваката, каб ён спыняў гэтую сухую гададоўку. Менавіта сухую галадоўку. А паводле ўсіх паказчыкаў, калі арганізм чалавек не атрымлівае вады, у ім пачынаюцца незваротныя змены. 

Гомельскі палітык Уладзімір Кацора ў 2009 годзе праводзіў сухую галадоўку цягам шасці дзён. Ён пратэставаў супраць незаконнага прысуду за ўдзел у акцыі памяці зніклага міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі:

 – Я некалькі дзён рыхтаваўся да галадоўкі. Еў салёнае, таму што гэта не так абязвожвае арганізм. Тэрмін так быў – трое сутак, таму што ўлады не хацелі су’ёзных наступстваў. Канстанцін не чакаў, што так скончыцца яго паездка у аблвыканкам са скаргай, ён не чакаў, а пасля прыняў для сябе гэтае рашэнне. Таму гэта вельмі небяспечна ён не падрыхтаваны і тэрмін вялікі. 

 Кастусь Жукоўскі быў затрыманы ўвечары 20-га лютага ў будынку абласнога выканаўчага камітэту ў Гомелы, куды ён нёс скаргу на дзеянні Таварыства з абмежаванай адказнасцю „Цэнтр-лізінг”.

Актывіст хацеў звярнуць увагу ўладаў на парушэнні санітарных і будаўнічых нормаў – каля яго прыватнага дома гэтае таварыства вядзе будоўлю – але апынуўся ў турме на 10 сутак.

Беларускае Радыё Рацыя