Кастусь Жукоўскі засуджаны да 5 сутак за выклік міліцыі



Грамадскі актывіст Канстанцін Жукоўскі правядзе пяць сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ.  Такое рашэнне вынесла вечарам 28 жніўня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля – Вольга Казлова, разгледзеўшы адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да актывіста.

На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, прысуд быў падрыхтаваны загадзя:

– Цэлы дзень яна вяла, усё разбіралася, усё рабіла класічна, яна маладая, толькі ўчора напэўна ўніверсітэт закончыла. Рабіла ўсё класічна, апытвала сведкаў, як быццам вядзе крымінальную справу, перапынак рабіла, задаволіла ўсе хадайніцтвы Кастуся, усё зроблена класічна. Вось толькі ўжо напрыканцы дзвер прыадчынілася ў судзебную залу, заглянуў міліцыянт з канвою з кайданкамі ў руках, як быццам бы кіўнуў і яна ў адказ яму кіўнула. Між тым яшчэ Кастусёва апошняе слова выслухоўвала, апошняе слова адваката выслухоўвала, але ўжо рашэнне па сутнасці было прынята.

Кастусь Жукоўскі  быў затрыманы 25 жніўня супрацоўнікамі АМАП у двары ўласнага дому. Прычым міліцыю, а менавіта супрацоўнікаў ДАІ, актывіст сам і выклікаў: грузавыя аўтамабілі з суседняй з яго домам будоўлі заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд іх вадзіцелі не рэагавалі.

На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія пасля і затрымалі актывіста, інкрымінаваўшы яму “непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя