Кастусь Жукоўскі пакараны дзясятым штрафам за год
Суддзя Гомельскага раёна Тамара Застаўнецкая 3 кастрычніка пакарала адміністрацыйным штрафам журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за супрацу без акрэдытацыі з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”.
Памер штрафу — 50 базавых велічыняў, што складае 1 150 рублёў.
“На суд я не хадзіў, бо няма сэнсу што-небудзь тлумачыць: вынік адзін — штраф. Сакратарка суда паведаміла, што пакараны я паводле двух пратаколаў, складзеных міліцыяй паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП — за сюжэты на “Белсаце” пра падзеж свіней у гаспадарках Гомельскага раёна”, — паведаміў Жукоўскі Службе маніторынгу ГА “БАЖ”.
Сёлета гэта ўжо дзясяты штраф гомельскаму фрылансеру за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”. Агульная сума штрафаў Жукоўскаму склала 8 855 рублёў.
