Кастусь Жукоўскі прапануе пікетаваць Раду Еўропы



Кастусь Жукоўскі не намераны спыняць журналісцкую дзейнасць праз ціск. Атрымаўшы 6 міліцэйскіх пратаколаў і лісты ад судовых выканаўцаў за апошнія дні, незалежны відэааператар настрою не губляе.

Кастусь Жукоўскі па-ранейшаму намераны асвятляць сацыяльныя праблемы як у СМІ, так і ў блогерскім фармаце.

– Я не магу зразумець тых людзей, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, супольнасцей, якія ездзяць на Захад і распавядаюць, што ў нас пацяпленне. Выбачайце, якое пацяпленне, якія правы чалавека паляпшаюцца? Калі раней ціснулі мяне, Ларысу Шчыракову і яшчэ некага, то зараз б’юць усіх, хто мае дачыненне да “Белсату” і нават тых, хто не мае. Раней складалі 20 пратаколаў на год, зараз – 120.

Кастусь Жукоўскі – адзін з “рэкардсменаў” па колькасці штрафаў паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага Кодэкса (незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі). За перыяд працы журналістам на яго некалькі разоў здзяйснялі напады, судзілі і пазбавілі правоў кіроўцы аўтамабіля.   

Кастусь Жукоўскі заклікае калег да салідарнасці і збіраецца пікетаваць Раду Еўропы. Фрылансер звяртае ўвагу на тое, што па ўсёй Беларусі ўлады ўзмацнілі прэсінг на прадстаўнікоў незалежных СМІ. Сам Жукоўскі за апошнія дні атрымаў за сацыяльныя відэаматэрыялы 6 міліцэйскіх пратаколаў, некалькі выклікаў у суды і лісты ад судовых выканаўцаў.

– Патрэбна  салідарнасць і міжнародная падтрымка. Таксама я лічу, што не пашкодзіла б такая акцыя, каб сабраць незалежных журналістаў і паехаць пікетнуць з усімі пратаколамі Раду Еўропы. Зладзіць там прэс-канферэнцыю, паказаць гэта  і пацвердзіць, што няма насамрэч ніякага пацяплення. А наадварот на глебе таго, што нейкія сілы хочуць абяліць гэты рэжым, рэжым хоча  дабіць усю грамадскую супольнасць.

Кастусь Жукоўскі заўважае, што незалежная журналістыка, у адрозненне ад палітычных партый і многіх грамадскіх арганізацый у Беларусі, працягвае выконваць сваю ролю па кантролі за ўладай. Адпаведна, з’яўляецца апошнім бастыёнам у змаганні за дэмакратыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель