Кастусь Жукоўскі судзіцца з «ЦэнтрЛізінгам»
Гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі судзіцца з акцыянерным таварыствам «ЦэнтрЛізінг», якое пры маўклівай згодзе мясцовых чыноўнікаў хоча адабраць яго дом, а замест выплаціць грошы. Суммы, якая прапануецца, са слоў Жукоўскаму, яму хопіць, каб перасяліцца разам з жонкай і малагадовай дачкой толькі ў невялікую аднапакаёвую кватэру ў гэтым жа раёне Гомеля.
– Гэта доўжыцца ўжо 6 гадоў. «ЦэнтрЛізінг» прапаноўваў нам два разы варыянты, з якімі мы пагаджаліся. Мы былі згодныя і ўзяць кватэру ў тым доме, які яны будуюць, мы з жонкай напісалі згоду на гэтую прапанову, але кватэры былі прададзеныя. Па закону «ЦэнтрЛізінг» не мае права падаць супраць нас позву, каб нас выселіць. Гэта павінен рабіць па закону гарвыканкам. Гомельскі суд прыняў позву да справы, парушыўшы заканадаўства.
Па словах Кастуся Жукоўскага, чарговае паседжання суда сёння было перанесена на пачатак чэрвеня з-за таго, што не з’явіўся прадстаўнік пазоўніка. Сам актывіст выступае ў судзе без адваката і спасылаецца на ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 58 «Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры канфіскацыі зямельных вучасткаў для дзяржаўных патрэб».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя