Кастусь Жукоўскі заклікае да салідарнасці з Максімам Філіповічам



Вядомы гомельскі блогер ужо амаль месяц правёў на «сутках». Пра гэта журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі напісаў у фэйсбуку: «Максім Філіповіч адседзеў амаль месяц, цяпер зноў „прысеў”… 100% у іх няма грошай  на харчаванне і аплату кватэры! Грошай яны не папросяць! Заклікаю проста перадаць яго жонцы, хто колькі можа (яна будзе ўпірацца), але трэба!»

– Я ведаю іх стан. Ведаю, што такіх людзей шмат і ўсім не дапаможаш. Я паспрабаваў папросту дапамагчы таму, хто побач, бліжняму. Таму я вырашыў Максіму і Юлі неяк дапамагчы: кінуў кліч і ведаю, што людзі пачалі адгукацца. Дзякуй богу, ёсць людзі, якія дапамагаюць.

Вядомага гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які выступае супраць Дэкрэта №3, у народзе названага «дэкрэтам аб дармаедах», суддзя Андрэй Лагуновіч у Савецкім раённым судзе Гомеля засудзіў на сем сутак. Філіповіча асудзілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Пінску. На прысуд прысутныя адрэагавалі гучным скандаваннем «Ганьба!» Раней Філіповіча тройчы арыштоўвалі за ўдзел у падобных акцыях пратэсту ў Гомелі, Берасці і Маладэчне.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя