Кастусь Жукоўскі звярнуўся ў суд Гомельскага раёна



Гомельскі журналіст-фрылансер спрабуе спагнаць маральную кампенсацыю з начальніка ветэрынарнай станцыі і міліцыянтаў. Кастусь Жукоўскі звярнуўся ў суд Гомельскага раёна, паколькі лічыць, што дзеянні службовай асобы і праваахоўнікаў нанеслі шкоду ягонаму здароўю і маральнаму стану. Гаворка ідзе пра канфліктную сітуацыю ля прыватнага свінакомплекса „Добрая хрюшка”, якая здарылася ў жніўні 2017 года. Кастусь Жукоўскі разам з калегам Андрэем Толчыным прыехалі здымаць сюжэт, але былі сустрэтыя міліцыянтамі і галоўным ветэрынарным лекарам Гомельскага раёна, які абпырскаў журналістаў невядомай хімічнай вадкасцю. У выніку нападу журналіст трапіў у бальніцу.

– Галоўная мэта падачы нашага з Леанідам Судаленкам пазову ў суд – супраць гэтага пырскача. Першая мэта ўжа дасягнутая – мы ўстанавілі, хто гэта зрабіў. Другая мэта – даказаць, што ўлада хавае свіную чуму, ці нешта другое. І практычна мы сёння пачулі, што сапраўды яна нешта хавае. Што менавіта, мы не можам даведацца, але ёсць нейкая пастанова для службовага карыстання.

Працяг разгляду пазову Кастуся Жукоўскага супраць начальніка раённай ветэрынарнай службы і міліцыянтаў адбудзецца 14 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя