Кастусёва і Сіўчыка аштрафавалі за абарону Курапатаў



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і адзін з лідараў Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык пакараныя штрафамі за ўдзел у пратэстах супраць рэстарана каля мемарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах.

Кастусёў правёў ноч на Акрэсціна. Затрымалі яго па дарозе ў аэрапорт — палітык накіроўваўся ў Варшаву для ўдзелу ў пасяджэнні польскага сейма.

Палітыка даставілі спачатку ў Бараўлянскі аддзел УУС Менскага раёна, затым у само УУС, дзе ён правёў ноч у камеры. Чаму працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна, Кастусёў не ведае. На судзе прысутнічалі толькі міліцыянты і яго адвакат. Суд завяршыўся прыкладна ў 19 гадзін.

Паводле Аляксея Янукевіча, суд Партызанскага раёна Менску пакараў Рыгора Кастусёва штрафам у 30 базавых (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП. Кастусёў цяпер на волі пасля больш чым суткавага затрымання.

Вячаслава Сўчыка пакаралі штрафам у 50 базавых (1225 рублёў). «Засталося яшчэ шмат пратаколаў, — і за Курапаты, і за Астравецкі Шлях. Суды па іх — наперадзе», — паведаміла ў фэйсбуку сустаршыня руху Алена Талстая.