Кася Будзько адзначае 20-ці годзе за кратамі
Гарадзенка Кася Будзько адзначае за кратамі ў Менску на Валадарцы 25-га траўня сваё 20-годдзе. Дзяўчына знаходзіцца за кратамі па „справе студэнтаў” з 12 лістапада 2020 году.
Кажа яе бацька Віталь Будзько:
– Там асабліва нічога не перадасі. Усё, што ёй патрэбна ў яе ўсё ёсць. Нешта лішняе, гэта ўсё вага, што нельга перамяшчацца з камеры ў камеру. У гэтую суботу яе зноў у новую камеру памясцілі, перавялі. Вельмі цяжка несці, у яе рук не хапае на гэтыя клункі ды і захоўваць іх асабліва няма дзе. Яна катэгарычна пісала, каб ніякіх падарункаў, бо няма куды складаць.
Па яго словах, дачка з-за кратаў піша шмат лістоў:
– Часта, вельмі часта, ужо больш за паўсотні лістоў. Дакладна не памятаю, які там нумар апошні быў. Мы дасылаем ёй лісты з нумарацыяй. Яна нам дасылае з нумарацыяй, інакш незразумела, якое прапусцілі, якое не. Яна адпісваецца, ад каго, што яна атрымлівала. Не толькі мы лістуемся, шмат знаёмых, сяброў.
Яе сябры стварылі адмысловы інстаграм-акаўнт, дзе можна пабачаць малюнкі, а таксама фрагменты лістоў, якія яна піша з-за кратаў. Касю Будзько абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі, суд над дзяўчынай ды іншымі студэнтамі пачаўся ў Менску 14 траўня 2021 г.
Беларускае Радыё Рацыя