Каталікі адзначаюць Божае Цела



Святам еднасці ўсіх каталікоў называюць Божае Цела, якое адзначаецца сёлета 15-га чэрвеня. Урачыстыя працэсіі з удзелам каталікоў лацінскага і грэцкага абрадаў пройдуць у гарадах Беларусі.

Свята дае магчымасць паказаць сваю веру ў Ісуса Хрыста, сваю нацыянальную адметнасць. Беларускія грэка-каталікі традыцыйна ідуць на працэсіі ў нацыянальных строях з абразамі і харугвамі. Кажа пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні айцец Андрэй Крот:

Людзі, якія выходзяць паказаць сваю веру, гэта свядомыя людзі. На жаль, ёсць тыя, якія хаваюцца са сваёй верай, але не трэба баяцца. І я думаю, што для тых, хто яшчэ не ўсвядоміў сваю веру, хавае яе ці проста саромеецца, гэтае свята – дэманстрацыя таго, што нас шмат, і мы ідзем з рэлігійнымі песнямі, рэлігійнымі сімваламі, верай і малітвай. Магчыма, гэта падштурхне людзей да таго, каб сваю веру вызнаваць адкрыта.

Свята прыйшло ў Рыма-каталіцкую царкву з ХІІІ стагоддзя. Папа Рымскі Францішак заклікае ў гэты дзень у Эўхарыстычнай малітве быць побач тых братоў і сясцёр, якія не могуць выражаць сваю веру ў Ісуса Хрыста адкрыта і падвяргаюцца пераследу.

Урачыстасці свята Божага Цела ў Гародні пачалося ад катэдры Францішка Ксаверыя а 18-ай гадзіне. Адсюль пачалася працэсія, якая завершылася ў зарэчанскім храме Маці Божай Анёльскай.

Каля дзясяці тысячаў гарадзенскіх вернікаў прынялі ўдзел у працэсіі, прысвечанай святу цела і крыві Ісуса Хрыста. Гэтае свята яшчэ называюць „Божым целам”. Узначаліў працэсію біскуп гарадзенскі ардынарый Аляксандар Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Язэпам Станеўскім.

Традыцыйна да ўдзелу ў працэсіі рыма-каталіцкіх вернікаў далучаюцца пад сваёй харугвай грэка-каталікі ў вышыванках і сціхарах. Яны неслі абразы Святых Зямлі Беларускай, тых, хто выступаў за еднасць хрысціянаў. Падчас працэсіі ля храмаў, дзе супыняліся вернікі для ўсталявання манстрацыі, гучалі словы эвангелляў па-беларуску, па-расейку, па-польску і па-летувіску.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара