Каталікі адзначаюць Дзень Усіх Святых



Дзень Усіх Святых 1 лістапада адзначае Каталіцкі Касцёл.  Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены святым Адылонам, абатам бенедыктынаў, у 998 годзе. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле. У гэты дзень няма жалобы, а вернікі моляцца ў касцёлах да святых і за свае парафіі.

Але, па словах ксяндза Мікалая Ціхановіча, пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, часта вернікі блытаюць Дзень Усіх Святых з Задушным Днём. І замест таго, каб святкаваць яго ў касцёле, наведваюць могілкі.

Людзі збіраюцца і першага, і другога лістапада на могілкі. Для іх гэта адзін дзень для памяці сваіх продкаў. Але насамрэч важна адрозніваць гэтыя два дні. Першага лістапада – вялікае свята. У гэты дзень мы молімся да душаў, якія ўжо дасягнулі збаўлення, якія ёсць у прысутнасці Бога, якія ў небе,  у вечным Іерусаліме. Кожны з нас пакліканы таксама да святасці. Гэта канчатковая мэта нашага хрысціянскага пілігрымавання.

Падчас імшы ў Дзень Усіх Святых вернікі ў касцёлах дзякуюць Богу за дар святасці, аддаюць пашану ўсім святым,  як вядомым, так і невядомым. Моляцца да душаў, якія дасягнулі вечнай хвалы, і просяць іх заступніцтва.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvp.info