Каталікі адзначаюць Папялец
Каталікі адзначаюць Папялец – пачатак Вялікага посту. Ён пачынаецца за 40 дзён да свята Уваскрасення Пана ці Вялікадня. Гэта час падрыхтоўкі вернікаў праз рэкалекцыі і споведзь да найважнейшага свята ў літургічным годзе.
У Папяльцовую сераду падчас служэння ў храмах ксяндзы пасыпаюць галовы вернікаў попелам вярбы, пасвечанай летась на Вербным тыдні.
Як кажа ксёндз-вікарый з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Іван Кароткін, попел – гэта сімвал людскога пакаяння і самаабмежавання. Падчас посту трэба задумацца над сваімі паводзінамі.
– Гэты пост, у першую чаргу, змаганне са слабасцямі і час выпраўлення нашых адносін, прымірэння з нашымі блізкімі. Пра нешта паразмаўляць, наладзіць кантакт з пэўнымі людзьмі, з якімі мы, магчыма, разарвалі кантакты, паглядзець на сябе, што ў маёй душы, паставіць там усё на свае месцы, навесці там парадак і, сапраўды, наблізіцца да Бога.
Пасыпанне галавы попелам у літургіі суправаджаецца словамі святара: “Ты прах і ў прах вернешся”, “Кайцеся і верце ў Евангелле”.
Абавязак вернікаў у Папяльцовую сераду— сціслы пост не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні. Дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта.
У гэты дзень прынята ўжываць стравы з селядца, бульбы, а таксама боршч, садавіну і г.д.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі