Каталікі адзначаюць свята Трох Каралёў



Свята Аб’яўлення Пана або Тры Каралі адзначаюць каталіцкія вернікі. У гэты дзень яны наведваюць святочныя імшы ў касцёлах, каб памаліцца і парадавацца гэтай падзеі.

try_karali_15

Таксама людзі асвячаюць ваду, золата і крэйду. Крэйдай яны пазначаюць на дзвярах лацінскмі літарамі імёны трох каралёў, ставяць крыжыкі і дату ад нараджэння Хрыста. Такім чынам  вернікі аддаюць дом i ўсю сям’ю ў апеку і пад ўладу Пана.

Як кажа вікарый парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, ксёндз Яўген Міхайлаў, значэнне гэтага свята для вернікаў вельмі вялікае. Яно, як і Свята Божага нараджэння, мае за мэту паказаць Бога людзям:

– Бог прыходзіць у постаці чалавека і на працягу свайго жыцця, гісторыі, адкрывае гэтаму самаму чалавеку, да якога ён прыйшоў, свае боскія рысы. Вось менавіта ў свяце Трох Каралёў мы бачым такую рысу Пана Бога, які прыходзіць да ўсіх і не зважае на асобы, не зважае на народы, аб’яўляе сябе кожнаму чалавеку, які яго шукае.   

Урачыстасць “Тры каралі” ўстаноўлена ў гонар падзеi, апiсанай у Евангеллi паводле Мацвея – пакланенне мудрацоў Дзiцятку Езусу. Назва свята “Тры Каралі”— народная, тэалагічная ж назва – Аб’яўленне Пана, або Богаяўленне па ўсходняй традыцыі.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара