Каталікі Прынёмання спадзяюцца на прыезд Папы Францішка ў Беларусь
Каталікі Гарадзеншчыны спадзяюцца, што сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла, якая адбудзецца 12 лютага ў Гаване, паспрыяе першаму візыту кіраўніка Рыма-каталіцкага касцёла на Беларусь. Гістарычная сустрэча кіраўнікоў дзвух хрысціянскіх канфесій павінна распачаць шырокі дыялог, накіраваны на дасягненне адзінства хрысціянскага свету. Як зазначае дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі, вернікі Прынёмання ўскладаюць вялікі спадзеў на сустрэчу кіраўнікоў дзвух самых уплывовых хрысціянскіх касцёлаў:
– Сустрэча Патрыярха Кірыла і Папы Францішка паспрыяе, каб мы тут на месцы былі больш адкрытымі і каб больш збліжаліся гэтыя касцёлы да еднасці. І таму мяркуем і молімся, спадзяемся, што наш народ, нашыя вернікі-каталікі дачакаюцца гэтага візіту на нашую беларускую зямлю.
Да гэтага часу шматразовыя спробы арганізацыі візіту Папы Рымскага ў Беларусь цярпелі фіяска як па палітычных матывах, так і па прычыне непрыхільнага стаўлення рускай праваслаўнай царквы.
Беларускае Радыё Рацыя