Каталікі Глыбокага адзначылі Вялікую пятніцу



У глыбоцкім касцёле Святой Троіцы Вялікая пятніца распачалася з крыжовага шляху ў храме. Потым вернікі разам з духавенствам успаміналі пакуту і смерць Езуса Хрыста, разважалі, чыталі Біблію, спявалі псалмы.

Напрыканцы прысутныя ўшанавалі крыж, бо за ўдзел у адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу можна атрымаць поўны адпуст.

Як кажа ксёндз Мікалай Ціхановіч з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, Вялікая пятніца заўсёды была днём асаблівага пакаяння і посту. У гэты дзень Касцёл не ладзіць святой Імшы (служэння). Алтар застаецца цалкам не пакрыты, без абрусоў, крыжа і свечак.

– Вялікая пятніца – гэта ўспамін і літургічная, гэта значыць рэальнае, перажыванне таго моманту, калі Госпад перажывае свае страсці, пакуты, суд, асуджэнне, крыжовы шлях і смерць. І калі цела ягонае было знята з крыжа і пакладзена ў магіле. Гэта момант пакутаў і смерці Хрыстовай. Гэты дзень Касцёл перажывае, гэты момант менавіта, праз літургію, падчас якой усё гэта ўзгадваецца, чытаецца „Мука пана”, перажыванне таго, што адбывалася і што адбываецца няспынна ў гісторыі збаўлення.

Раней ў Вялікую пятніцу на знак вялікай жалобы ў некаторых сем’ях нават спынялі гадзіннікі, завешвалі люстэркі, а дзецям было забаронена гуляць і шумець. Дзень праходзіў у спакоі і засяроджанасці.

Пра гэты дзень у народзе былі і свае прыкметы: «Хто ў пятніцу скача, той на Вялікдзень плача», «Калі ў Вялікую пятніцу дождж, увесь год будзе сухім», «У пятніцу рабі хатнюю працу, а ў суботу кідай работу» ды іншыя.

Таццяна Смоткіна