Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць сёння Куццю Божага Нараджэння



Сёння вернікі каталіцкай, грэка-каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў адзначаюць Куццю Божага Нараджэння. Каляды паводле Новага стылю адзначаюць таксама і некаторыя праваслаўныя прыходы ў Польшчы, напрыклад, у Белай Падлясцы.

Напярэдадні свята біскуп Віцебскай дыяцэзіі зычыць усім вернікам і ўсім людзям добрай волі, каб у мінулым засталіся ўсе цяжкасці і нягоды, якія давялося перажыць беларусам у апошні год. Бо нялёгкія часы ўмацоўваюць веру і даюць надзею, кажа біскуп Алег Буткевіч:

– Ёсць моманты пазітыўныя. Гэты час дапамог нам крыху інакш паглядзець на сябе, на сваю рэчаіснасць. Адчуць, што мы насамрэч маем у сабе вельмі добры патэнцыял. І няхай гэты патэнцыял развіваецца далей, няхай нашае жыццё будуецца на той праўдзе, якую даносіць нам Езус Хрыстус. Яна робіць чалавека свабодным.

 Праўда, якой навучае Збаўца, дапамагае людзям адчуць адказнасць за бліжняга, бо ўсе людзі належаць да супольнасці дзяцей Божых. Для кожнага з іх ёсць вельмі важныя рэчы ў жыцці: здароўе, дабрабыт, поспех. Але ёсць рэчы найважнейшыя – супакой  у душы і лад паміж людзьмі. Дасягнуць гэтага дапамагае вера, і таму біскуп Віцебскай дыяцэзіі зычыць усім паяднання з Богам і памкнення жыць з Ім у сэрцы.

Цалкам віншаванне Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча – у далучаным файле:

 Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя