“Каталіцкі веснік” адзначыў свой невялікі юбілей



Пяцігадовы юбілей свайго выдання адзначылі супрацоўнікі газеты “Каталіцкі веснік” на чале з яго рэдактарам ксяндзом Віктарам Місевічам.  Мерапрыемства пачалося са святой імшы ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. Падчас яе каталіцкія вернікі, святары і супрацоўнікі газеты маліліся за далейшае развіццё газеты і дзейнасць на карысць каталіцкага касцёла ў Беларусі. Затым святкаванне прадоўжылася ў нефармальнай абстаноўцы ў беларускамоўнай аграсядзібе “Родны кут”, што непадалёк ад Глыбокага.

Гэтае месца было абраная нездарма, бо яе ўладальніца, як і супрацоўнікі газеты  разам са сваім рэдактарам, з’яўляюцца сапраўднымі беларусамі і з павагай ставяцца да роднай мовы.

Кажа ксёндз Віктар Місевіч:

– Трэба памятаць, што мова – гэта божы дар. І, вядома, сітуацыя з беларускай мовай сёння не ідэальная. Я думаю, гэта высакародна, калі кожны чалавек стараецца ўнесці нейкі ўклад у развіццё і захаванне гэтага дару, гэтай цудоўнай спадчыны. І каталіцкі касцёл звяртае на гэта ўвагу.

Газета “Каталіцкі веснік” мае шаснаццаціпалосны фармат, наклад 3000 паасобнікаў і выходзіць раз на месяц. На яе можна падпісацца па пошце, таксама існуе інтэрнэт-версія выдання.

У мінулым годзе рэдакцыя газеты была ўганараваная Віцебскай абласной арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Дыпломам першай ступені за паўнавартаснае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газеты і папулярызацыю беларускай культуры.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара