Двух каталіцкіх святароў будуць судзіць напярэдадні Раства



Суды над каталіцкімі святарамі з Віцебска — пробашчам парафіі Святога Уладзіслава Віктарам Жуком і вікарыем грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага Аляксеем Варанко, якіх абвінавачваюць паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), пройдуць 24 снежня.

„Прашу аб малітве за нашых святароў ксяндза Віктара Жука і айца Аляксея Варанко, — напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. — У вігілію Нараджэння Хрыстова адбудзецца суд над гэтымі Божымі слугамі. Наша малітва дапаможа ім выстаяць у гэтым выпрабаванні, якое Бог даў ім у гэты час. Мы павінны праявіць з імі нашу салідарнасць і паказаць нашу падтрымку. У гэтым праяўляецца наша высакароднасць і сапраўдная чалавечнасць”.

Жука і Варанко затрымалі 8 снежня ў Віцебску. На наступны дзень суд адправіў адміністрацыйныя справы святароў на дапрацоўку, іх адпусцілі на волю да новага разгляду. Пасля партал Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі паведамляў, што працэсы меліся прайсці 11 снежня, аднак гэтага не адбылося.

Як паведамлялася раней, 30 лістапада суд у Івацэвічах арыштаваў грэка-каталіцкага святара Віталя Быстрова на 10 сутак па арт. 23.34 КаАП. Быстрова прызналі вінаватым у тым, што 25 кастрычніка, калі святар быў у Брэсце, ён нібыта ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі на пешаходнай вуліцы Савецкай.

3 снежня суд Расонскага раёна (Віцебская вобласць) арыштаваў каталіцкага святара Вячаслава Барка на 10 сутак па арт. 17.10 КаАП (прапаганда або публічная дэманстрацыя нацысцкай сімволікі). Такім чынам суд адрэагаваў на тое, што святар размясціў у Instagram малюнак плаката „Стоп лукашызм!” Уладзіміра Цэслера. Сам аўтар плаката заявіў, што гэты твор носіць відавочны антыфашысцкі характар.

У дзень арышту Барка біскуп Касабуцкі напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што ў Беларусі назіраецца „актывізацыя рэпрэсій у дачыненні да каталіцкай царквы”.

„Мы адкрыта выступаем супраць любога граху, супраць гвалту, супраць падману і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць зневажання чалавечай годнасці, таму што кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божага. Мы асаблівым чынам молімся за мір, згоду, салідарнасць і адзінства беларускага народа. Але хтосьці лічыць усё гэта праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці”, — адзначыў каталіцкі іерарх.

belapan.by

Фота: catholic.by