Каталіцкія біскупы з Прыбалтыкі і Польшчы з’едуцца ў Баранавічы



У гэтым горадзе, які ўваходзіць у склад Пінскай дыяцэзіі, 4-га і 5-га верасня адбудзецца вялікая святая Імша за самаадданае служэнне першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка. Набажэнствы прымеркаваныя да 100-годдзя кардынала.

Іерарх моцна сябраваў з Рыжскім ды Кракаўскім духавенствам. Менавіта яны дапамагалі Свёнтку ў адраджэнні касцёлу на беларускіх землях.

Парафіянка пінскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Алена Яцкевіч узгадвае, што пры падтрымцы кракаўскаяга біскупа ўдалося наладзіць асветніцкія выезды ў Польшчу. Адное з такіх падарожжаў ёй давялося ўзначальваць:

– Я была студэнткай і ён мне даверыў везці дзяцей. Пасля першай камуніі я была самай старэйшай, а яны былі яшчэ школьнікамі. Больш за ўсё мяне ўразіла, што ён даверыў мне гэтых дзяцей. Калі мы прыехалі, ён сабраў усіх дзцей і дарослых і я расказала, што мы бачылі, чым займаліся, з кім сустракаліся ў Польшчы. Мы тады ўпершыню наведалі ў Варшаве манастыр сясцёр урсулітак.

Увесь 2014 год беларускі каталіцкі касцёл адзначае 100-годдзе Казіміра Свёнтка (1914-2011). Кульмінацыяй урачыстасцяў стане 26 кастрычніка, калі ў Пінску збяруцца духавенства, манаскія асобы і вернікі з усёй Беларусі, каб ушанаваць светлую памяць кардынала.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя