Катаванні і здзекі з затрыманых у Жодзінскім ізалятары



Каля 800 беларусаў трапілі ў ізалятары 27 лютага, у дзень рэферэндуму. Людзі ў асноўным атрымлівалі па 15 сутак. Цяпер яны выходзяць на свабоду. Тыя, хто адбыў пакаранне, расказалі “Свабодзе” пра нечалавечыя ўмовы і здзекі ў ізалятары ў Жодзіна.

Адзін з вызваленых распавёў, што яго затрымалі на праспекце Незалежнасці. Склалі пратакол, нібыта ён крычаў: “Не — вайне” і “Не — канстытуцыйнаму рэферэндуму”. Пакаранне адбываў у Жодзіна. Там іх білі, размаўлялі з затрыманымі мацюкамі, у камеры на чатырох – было 16 чалавек. Не было ні перадач, ні бялізны, ні матрацаў, ні туалетнай паперы. Ваду пілі з-пад крана. Іншы затрыманы распавёў, што канвойныя былі ў балаклавах. Калі ім нехта не падабаўся, то выводзілі ноччу і збівалі. “Неяк нас павялі ў душ — 60 чалавек на 4 кабінкі, з кавалачкам мыла. Вада была халаднаватая. Мы там таўкліся, а канвойны адчыніў душ і заліў нас газам”, – распавёў мужчына.