Каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адзначае пятыя ўгодкі
Першая ў Беларусі свецкая каталіцкая навучальная ўстанова – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адзначае пятыя ўгодкі з моманту заснавання.
Гісторыя каледжа пачалася яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў, але толькі ў кастрычніку 2009 году ўдалося дамагчыся рэгістрацыі ўстановы.
Каледж мае імя Зыгмунта Лазінскага невыпадкова. Менавіта сярод вернікаў Пінскай дыяцэзіі, іерарх лічыцца святым.
Труну з яго целам ратавалі ад бальшавікоў, распавёў біскуп дапаможны Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец:
– Вернікі шануюць першага біскупа Пінскай дыяцэзіі. У савецкія часы труна з целам Лазінскага была замураваная, і так укрытая, каб не ведалі тыя ворагі каталіцкага касцёлу, і каб сілай ўначы не вынеслі гэтую труну, каб дзесьці захаваць, каб не змаглі знайсці. Гэта было вельмі добра зроблена.
На сённяшні дзень ва ўстанове налічваецца каля 50 студэнтаў. Каледж стаў не толькі адукацыйным цэнтрам, але добрай пляцоўкай для культурна-асветніцкай працы з моладдзю.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя