Католікі, грэка-католікі і пратэстанты рыхтуюцца сустрэць Вялікдзень
Католікі, грэка-католікі і пратэстанты 3 красавіка адзначаюць Вялікую суботу і рыхтуюцца сустрэць найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, або Вялікдзень.
17 лютага кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў Рымскай курыі прыняла адмысловую ноту адносна правядзення літургічных цэлебрацый Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі COVID-19. У дакуменце, адрасаваным біскупам усяго свету, адзначана, што цэлебрацыі належыць арганізаваць такім чынам, каб яны „спрыялі духоўнаму дабру вернікаў, але пры гэтым не пашкодзілі іх здароўю і праводзіліся ў адпаведнасці з захаваннем санітарных прадпісанняў кампетэнтных органаў”.
Сярод іншага ў ноце рэкамендавана „зрабіць больш даступнымі і прыярытэтнымі трансляцыі ў сродках камунікацыі цэлебрацый, якія ўзначальваюць біскупы”. Велікодную вігілію, згодна з дакументам, належыць цэлебраваць выключна ў кафедральных і парафіяльных касцёлах (пераважная большасць касцёлаў у Беларусі — парафіяльныя).
Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец у 21.45 узначаліць велікодную вігілію ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы — архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Набажэнства будзе трансляваць у жывым эфіры тэлеканал „Беларусь 1”.
Арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у 20.00 правядзе святочнае набажэнства ў кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве.
У 20.00 святочныя набажэнствы пачнуцца ў сталічных касцёлах — Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), Маці Божай Будслаўскай у Каменнай Горцы, Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, Святога Антонія Падуанскага ў Малінаўцы, Божага Цела на вуліцы Ангарскай, Святога Францішка Асізскага ў Новай Баравой.
У 21.00 святочныя набажэнствы пачнуцца ў мінскіх касцёлах Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, у парафіях Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы, Святых Апосталаў Пятра і Паўла і Святога Яўгена дэ Мазено ў Зялёным Лузе, Святых Яна Евангеліста і Максіміліяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне.
У сталічных парафіях Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве, Маці Божай Латэранскай у Сокале, Святога Духа ў Чыжоўцы вігілія пачнецца ў 22.00.
Грэка-каталіцкая велікодная ютрань і Боская літургія Уваскрэсення Гасподняга пачнуцца ў 21.00 у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў завулку Снежным, у 21.30 — у парафіях Праведнага Язэпа і Святога Міколы Цудатворцы ў Цэнтры Святога Язэпа на вуліцы Арджанікідзэ ў Менску.
Каталіцызм — другая пасля праваслаўя хрысціянская канфесія ў краіне па колькасці вернікаў. Паводле звестак афіцыйнага партала Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, амаль 1,47 млн грамадзян (прыблізна 15% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-католікоў.
Каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Гарадзенскай, Віцебскай і Пінскай, якія аб’ядноўваюць 486 парафій. У краіне каля 500 каталіцкіх святароў, у тым ліку прыблізна 80 замежных, а таксама прыкладна 450 манахаў і манашак.
Колькасць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі ацэньваецца, паводле розных звестак, ад 200 тысяч да 500 тысяч.