Вернікі Каталіцкай Царквы адзначаюць Куццю
Католікі і грэка-католікі сёння адзначаюць Калядную куццю.
Позна ўвечары ў храмах пачнуцца святочныя набажэнствы. Ардынар Гарадзенскай дыяцэзіі, біскуп Аляксандар Кашкевіч, наконадні Калядаў павіншаваў вернікаў са Святам Раства Хрыстовага.
– Уваходзячы чарговы раз у перажыванне радасці Свята Божага нараджэння, мы хочам сапраўды, углядаючыся ў Хрыста, нанова шукаць сэнс свайго жыцця. Няхай сёлетняе спатканне нараджэння нашага Збаўцы, якое напаўняе нас радасцю і адкрытасцю на іншага чалавека, прынясе вам і вашым блізкім шмат супакою ў сэрцах. Няхай дзіця Езус напаўняе вас любоўю, радасцю і супакоем, умацоўвае сувязі ў вашых сем’ях і асяроддзях, робіць вашыя сэрцы і сумленні больш чулымі да клопату пра кожнае чалавечае жыццё, пра выхаванне маладога пакалення, пра лёс людзей пажылых, хворых, церпячых і беспрацоўных.
24-га снежня з рыма-каталіцкай катэдры імя Францішка Ксаверыя прагучыць урачыстая Вігілія а 22-ой гадзіне.
А грэка-каталікі 24-га снежня рыхтуюцца да Вячэрні, якая пачнецца а 18-ай гадзіне і завершыцца поснай куццёй.
Здаровых ды сямейных Калядных святаў! Радасці ў кожны дом!
Беларускае Радыё Рацыя