Католікі збіраюць подпісы за вяртанне Чырвонага касцёлу парафіянам



 У сталічным касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) праходзіць збор подпісаў пад калектыўным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вярнуць касцёльны будынак і плябань, якія цяпер належаць гарадскім уладам, ва ўласнасць парафіян.

Абвестка пра гэта была зробленая адным са святароў 12 ліпеня пасля святой імшы, якая транслявалася ў жывым эфіры на касцёльным youtube-канале Missa. Паводле ягоных слоў, неабходнасць звароту абумоўленая тым, што падпарадкаванае гарадскім уладам прадпрыемства „Мінская спадчына”, якое кіруе будынкам Чырвонага касцёла, цяпер „выстаўляе аплату за яго амартызацыю і падаткі за карыстанне зямлёй у суме каля 13 тысяч рублёў на месяц”. Ён дадаў, што агулам за шэсць месяцаў было налічана 156 тысяч рублёў розных выплатаў.

Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) ксёндз Юрый Санько паведаміў БелаПАН, што ініцыятыва скласці зварот да прэзідэнта з просьбай аддаць касцёл людзям належыць парафіянам, а не ККББ.

„Вядома, што касцёл належыць гарвыканкаму. Недзе ў 2013 годзе ён быў перададзены ў кіраванне „Мінскай спадчыны”. Была спроба, ужо пісалі, каб касцёл вярнулі. Адказ быў адмоўны. Зараз новая спроба — гэта права парафіян звярнуцца з такім зваротам”, — адзначыў ён.

Паводле слоў ксяндза Санько, раней Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ніколі такіх вялікіх сум не налічвалі. Цяпер курыя архідыяцэзіі і парафія з гэтым разбіраюцца.

На прэс-канферэнцыі 7 красавіка старшыня ККББ, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прагназаваў складанасці з Чырвоным касцёлам, калі казаў пра верагодныя фінансавыя праблемы каталіцкага касцёла ў Беларусі з-за пандэміі COVID-19. Каталіцкі іерарх казаў, што з-за хваробы на нядзельных і святочных імшах будзе менш вернікаў, а значыць — і сабраных грашовых ахвяраванняў.

„Пытанне фінансавання касцёла — гэта пытанне, якое будзе стаяць. Спадзяемся, што гэтая пандэмія, гэтая хвароба скончыцца хутка. Але так, будзе стаяць такое пытанне, бо трэба плаціць за ўтрыманне касцёла. Напрыклад, Чырвоны касцёл — ён належыць не нам, а дзяржаве, і сёння мы павінны плаціць за „амартызацыю” вялікія грошы. Таму гэтае пытанне паўстане”, — казаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

belapan.by