Кацярына Андрэева: У міліцыі мяне прымусілі распрануцца



Журналістка тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева, якую затрымалі ў Курапатах, больш за гадзіну правяла ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі. Там на яе склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

З 2017 года на журналістку было складзена ўжо 8 пратаколаў за яе прафесійную дзейнасць:

– Я ехала на гэтае месца, каб правесці жывы эфір, бо я ўжо пяты дзень запар там знаходзілася і асвятляла гэтыя пратэсты – гэта мая тэма паводле рэдакцыйнага задання. Калі я прыехала на месца, то паспела літаральна адно пытанне задаць, хіба Паўлу Севярынцу, а пасля сутыкнулася з гэтым супрацоўнікам у цывільным. Ён не назваўся, не паказаў свайго пасведчання, падышоў да мяне, стаў паміж маім суразмоўцам, паміж Паўлам Севярынцам і мною, ды пачаў перашкаджаць мне весці эфір. Схапіў мяне за руку і са словамі: „Ваша дзейнасць на тэрыторыі Беларусі незаконная”, сілай пацягнуў мяне ў невядомым накірунку. Не паведамлялася куды мяне цягнуць, толькі праз пэўны час, калі мы падышлі да машыны, я зразумела, што мяне зараз заштурхнуць у машыну. Гэта было гвалтоўна. Я з такім гвалтам у дачыннні да сябе не сутыкалася з 25-га сакавіка мінулага года, калі было затрымана шмат журналістаў.

РР: Што гэта быў за чалавек?

– Калегі спрабавалі высветліць яго асобу, я пакуль не паспела паглядзець ягонае імя, але абавязкова пагляджу. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі ў форме, якія сядзелі ў машыне, адмовілі ў складанні пратаколу на месцы. Я сказала: „Добра, я не супраціўляюся, вы можаце скласці пратакол у машыне”, але яны сказалі, што павязуць мяне ў пастарунак. У пастарунку яны паводзілі сябе больш карэктна і нават прызналі, што чалавек у цывільным перабольшыў свае паўнамоцтвы і занадта груба са мной дзейнічаў.

РР: У той дзень толькі цябе затрымалі?

– Так, на іншых пратэстоўцаў складалі пратаколы. У Паўла Севярынца ўжо чатыры пратаколы, калі я не памыляюся. У Курапатах я была адзінай затрыманай, наколькі мне вядома.

РР: Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ – трохі абсурдны атрымліваецца артыкул, паколькі па гэтым артыкуле павінны караць сродкі масавай інфармацыі, а не канкрэтных журналістаў-фрылансераў.

– Я заўжды падкрэсліваю, што з’яўляюся не фрылансерам, а штатным карэспандэнтам польскага тэлебачання. Адзінае, што я не маю акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы не маем акрэдытацыі не па нашай віне, бо шмат разоў падавалі дакументы ў адпаведнасці з заканадаўствам, але нам не паведамлялі прычыну адмовы.

РР: Як яны рэагуюць на гэта?

– Яны спрабуюць выслухоўваць, але збольшага гэта проста выканаўцы, якія не хочуць унікаць у гэтую сістэму. Як жартаваў адзін з іх: „Не хачу лезці ва ўсю гэтую палітыку”. То бок для іх гэта проста падпісванне паперак. Гэта ўжо восьмы пратакол для мяне за час маёй працы на „Белсаце”. Мяне чакае чарговы суд у першай палове чэрвеня за тое ж самае – за стрым з акцыі пратэсту. Хоць і гаварылі яны са мной карэктна, але прымусілі распрануцца. Жанчына-супрацоўніца міліцыі прымусіла мяне распрануцца, бо сказалі, што ў іх ёсць інфармацыя пра перадаючую прыладу, якая можа быць схавана ў мяне пад вопраткай. Такім чынам мне давялося хвіліну пастаяць без вопраткі. 

Затрымалі Кацярыну Андрэеву, калі яна вяла стрым з пратэсту супраць адкрыцця рэстарацыі „Паедзем-Паядзім”, што каля Курапатаў. Да яе падышоў супрацоўнік праваахоўных органаў у цывільным і пацягнуў у міліцэйскую машыну. Пры гэтым чалавек у цывільным заявіў карэспандэнтцы „Белсату”, што яе дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі нібыта незаконная.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя